epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дрэмле Юрка

Ёсць старонкі, дзе ў народзе

Беды не гуляюць:

Хлеба годзе, святла годзе,

З волі карыстаюць.

А у нас жа, што за дзіва?

Бяздольнасць такая!..

Дрэмле Юрка ў заканурку

І долі чакае!

 

*

Пахілілася хаціна,

У хлявочку пуста;

Толькі латы — кажурына,

Хлеба — хоць бы луста.

Кепска жыці, што ж такое,

Хто аб гэтым дбае?..

Дрэмле Юрка ў заканурку

І долі чакае!

 

*

Чутны воклік пахаронны,

Крыж стаўляюць новы;

Дзень і ноч у кузнях-горнах

Ладзяць, клеплюць ковы;

Беспрасветна, беспуцінна,

Як магіла тая!..

Дрэмле Юрка ў заканурку

І долі чакае!

 

*

Дабрадзеяў, як на тое,

Хоць прудзі ты рэкі!

Слаўна, Юрка! Што ж такое?

Мае шмат апекі.

Хоць яму апека гэта

Косткаю у горле...

Дрэмле Юрка ў заканурку

І чакае долі!

 

[1920]


[1920]

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан