epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дужыя і слабыя

На балі жыцця шумнага

Не ўсім адзін абед,—

Для дужага і слабага

Не адналькоў прывет.

 

Сядзіць дужы з павагаю

За бесядным сталом,

На куце ён пасаджаны

Жыццём-гаспадаром.

 

Прынукай, просьбай дужага

Частуюць у стале,

І чарка прад ім поўная,

І служаць яму ўсе.

 

Дзе ж месца, дзе слабейшага,

Загнаных месца дзе?

К парогу з страхам ціснуцца;

Яны — не ў грамадзе.

 

Аб’едкі з стала дужага

З пагардай ім швырнуць

І дужым недапітую

Ім чарку паднясуць.

 

Зайграла гучна музыка,—

Пайшоў дужы гуляць,

На гэта ж толькі слабыя

З па-за вуглоў глядзяць.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com