epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Джамбулу

Джамбулу я песню сягоння пяю,

Пад сэрца і думу настроіў сваю,—

Ляці, мая песня, ляці і спявай,

Суседа акына як след прывітай.

 

Джамбул, калі песню пускае ў палёт,

Аб Сталіне песню ў мільённы народ,—

Ад сонцаў усходніх у сонц агніве

Да сонцаў заходніх, бы ў вырай, плыве.

 

Джамбул, сізакрылы сталетні арол,

Бурліцца крынічна жыццё навакол,

Ці гром, ці маланка, ці грозны пярун,

Стаіш непахісна, дзён светлых вястун.

 

Джамбул, песнятворац, казахскі акын,

Народа казахскага сонечны сын,

Спявай, казахстанскіх стэпоў салавей,

Чаруючых песень і дум чарадзей.

 

Джамбуле, баяне савецкіх часін,

Калі песню кінеш з казахскіх далін,

Ляціць гэта песня па нашай зямлі

І водгук знаходзіць у самым Крамлі.

 

Джамбуле, баяне, хоць стар на гады,

А сэрцам, а песняй заўжды малады,

На сталінскіх крыллях ляціць песня ў свет,

А сонца да шчасця цярэбіць ёй след.

 

Джамбуле, баяне, шчаслівы акын

Сягочасных сталінскіх цудаў, былін,

Праз годы і долы, палі і лясы

Лятуць тваіх песень да нас галасы.

 

Джамбуле, баяне, магутны твой сказ

Аб дружбе народаў пяяў ты не раз.

Казах, беларус пяюць песні адны.

Радзімы адной арляняты-сыны.

 

Джамбулава песня ад ясных крыніц,

Джамбулава песня не знае граніц,

Не знаюць граніцаў пад небам арлы,

Лунаюць па светах скрозь ветры, скрозь мглы.

 

Джамбуле, у госці да нас прыляці,

Пабудзь хоць хвіліну у нашым жыцці.

Цябе прывітаюць шум сосен, бяроз

І кветкі-вяснянкі брыльянтамі рос.

 

Джамбулу я песню сягоння пяю,

Пад сэрца і думу настроіў сваю,—

Ляці, мая песня, ляці і спявай,

Суседа акына як след прывітай.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан