epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзяўчынцы

Ты адзінокай, я сіратою —

Возьмем і пойдзем разам з табою

Колкай жыцця пуцявінкай;

Долю, нядолю, сэрцы і думы,

Зложым скарб гэты ў скрыню адну мы,

Будзь ты маёю, дзяўчынка!

 

Новую хатку табе збудую

І гаспадарку спраўлю такую:

Будзе хлябок і скацінка.

Днём будзем працай час каратаці,

Прыйдзем з работы, будзем у хаце

Пяяць з табою, дзяўчынка.

 

Цябе, о, вер ты мне, маладому,

Я не пазволю нідзе, нікому

Крыўдзіці, строіці кпінкаў;

Сцерагчы буду, як сваёй зрэнкі,

Новыя буду спраўляць сукенкі

Табе, з табою, дзяўчынка.

 

Шчыра і міла, сэрца маё ты,

Дам табе колькі хочаш пяшчотаў,

Буду паслушнай галінкай;

Буду, хоць віхры стануць шумеці,

Цёмна і жудка будзе на свеце,

Ўсюдых з табою, дзяўчынка.

 

А як нам доля надта дадзене,

Дасць болей гора, а шчасця меней,

Цяжкая прыйдзе часінка,—

Тады, як разам згодна жылі мы,

Зносячы спёкі і холад зімаў,

Памром з табою, дзяўчынка.

 

Ціха ў пасцелі ляжам жвіровай;

Крыж нам паставяць белы, яловы,

Насып абложаць дзярнінкай;'

Буры жыцця мне слёз не скупілі;

Гэткі ж спакой у цёмнай магіле,

Ды і з табою, дзяўчынка!

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан