epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзяўчынка і вянок

Сонца ўтульна пазірала,

Птушкі пелі на ўсе тоны;

Кветкі дзеўчынка зрывала

Ля дубровы ля зялёнай.

 

Заплятала у вяночак,

Прымярала на галоўцы;

Радасць біла з яе вочак:

Ёй спрыялі кветкі, сонца.

 

Чуць вяночак не гатовы—

Не хапала адной кветкі...

Выйшаў хлопец з той дубровы,

Хлопец пекны, стройны гэткі.

 

Удваёчку ўжо шукаюць

Кветкі ў буйнай сенажаці,

Толькі дзе знайсці — не знаюць...

Сталі ў вочы заглядаці.

 

Так хадзілі ўсё далінкай;

Сонца з імі ўслед хадзіла,

Аж вяночак свой дзяўчынка

Недзе ў лузе загубіла.

 

Клопат... Бедная не знае,

Ці ёй плакаць, ці смяяцца?

Кветкі — ўпрочках,— хлопца мае...

Надало ж так памяняцца!

 

Ходзе, траўкі не зачэпе...

За вянок — дзяцюк прыгожы;

А што горай? а што лепей?

Бабка надвае варожа.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан