epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзіцячае

Лявоніха
Юрачка
  1
  2
  3


Лявоніха

Ой, лявоніха, гулянка, гульня!

Галасістая бяседа твая.

А мы, дзеткі, усе здольненькія

Пяём песенькі вясёленькія.

 

Як маленькай я ў матулькі жыла,

Як вішанька, у садочку цвіла,

Цвіла, цвіла ды пацвітывала

Лемантарык свой пачытывала.

 

Як прыйшла я у дзіцячы садок,

Пайшла з дзеткамі ў танок, у танок.

Я гуляю тут пагуліваю

За работкай недакучліваю.

 

Як вішанька, у садочку цвіту

І навукі ўсе лаўлю на ляту,—

Я рысую і пачытываю,

Раблю цацкі і папісываю.

 

 

Юрачка

 

1

Ой ты, Юрачка,

Што не вучышся?

Так да невукаў

Ты далучышся.

 

А як вырасцеш

Ты няўмекаю,

Усе высмеюць

Недарэкаю.

 

А ў нашага Юрачкі

З’елі сала шчурачкі,

Як пабег ён у лясок,

Каб схавацца ад кніжок.

 

А ў нашага Юрачкі

У капоце дзюрачкі,

Нарабіў ён іх сабе,

Як стаў лазіць па вярбе.

 

 

2

Ой ты, Юрачка,

Што лянуешся,

Хаткі нашае

Не пільнуешся?

 

Толькі бегаеш,

Забаўляешся,

Гэтак з кпінамі

Напаткаешся.

*

А ў нашага Юрачкі

Пагублены гузічкі,—

Ён тады іх пагубляў,

Як з садочку уцякаў.

 

А з нашага Юрачкі

Сталі кпіць і курачкі,

Што не мыўся цэлы дзень

І бубніць, як авадзень.

 

 

3

Ой ты, Юрачка,

Кінь ляніціся,

Ды надумайся

Ты вучыціся.

 

Будзем цешыцца,

Што ты вучышся

І да невукаў

Не далучышся.

 

*

А нашаму Юрачку

Кот зрабіў пячурачку,—

Юрка месца там заняў

І з катком — курняў! Курняў!

 

А нашаму Юрачку

Тнуў камар у скурачку,

А Юрачка — ай-ай-ай!

Камарочак, не кусай!

 

[1932]


[1932]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан