epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзе стаяў двор панскі...

Дзе стаяў двор панскі

Грознаю пікетай

І паны спраўлялі

Гарцы ды банкеты,—

 

Там цяпер красуюць

Выселкі, пасёлкі,

А іх аздабляюць

Сяміцвет вясёлкі.

 

*

Дзе стаяў на полі

З бічам прыганяты

І ганяў прынукай

Змучаных аратых,—

 

Там цяпер без страху

З выглядам малойца

Новы, вольны сейбіт

Братаецца з сонцам.

 

*

Дзе палац быў панскі,

Дзе жыццё йшло пуста

І гняздо звівалі

Вызыск і распуста,—

 

Там цяпер парадак

Іншы разгарнуўся:

Сочаць веды дзеткі —

Кветкі Беларусі.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан