epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзень добры, Масква!..

Дзень добры, Масква, як вясна, маладая!

Дзень добры, крамлёўскія зоры!

Мы песню табе, Масква наша, складаем,

А песня аб шчасці гавора.

 

І песня гавора, як цяжка жылі мы,

Як чахлі ў прыгонныя ночы,

Як нас гадавалі галодныя зімы,

Як цемра сляпіла нам вочы.

 

*

Дзень добры, Масква, наша доля і воля!

З табою жыць радасна людзям.

Цябе не забудуць народы ніколі,

Як песні ніхто не забудзе.

 

Табе шлюць прывет нашы пушчы, крыніцы,

Калгасныя нівы і хаты,

Бо, дзякуй табе, маладая сталіца,

Мы хлебам і шчасцем багаты.

 

*

Дзень добры, Масква! Як жа ясна ты свеціш

На ўсе чыста свету староны.

Шляхі да шчаслівасці казачнай меціш

І пішаш, як сонца, законы.

 

Сама ў сонцы сонцам навек валадаеш,

Зганяеш туманы з прагалін.

Дзень добры, Масква, як вясна, маладая!

Дзень добры, крамлёўскія зоры і Сталін!

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан