epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзве сястры

На тутэйшай зямлі

Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны;

Жыватворных крыніц

Не было для сястрыц,—

Яны вялі і сохлі націнай.

 

Як надыдзе вясна,

Ў чыстым полі адна

Аж да восені сілы губляла,

А сцюдзёнай зімой

У хаціне курной

Кужаль прала, снавала і ткала.

 

А ў другой з году ў год

Выядаў, як той крот,

Дым фабрычны дзявочыя вочы;

А дзявочу красу,

Нібы тую расу,

Піў цагляны падвал цёмнай ночай.

 

Сярод гора і мук

З працы гнулася ў крук

Так адна, як ад ветру каліна,

Ды пяяла з нуды,

З непацешнай бяды:

Ах ты, доля-няволя жанчыны!

 

А другая ў людзей

Гадавала дзяцей,

Не зазнаўшы прасветнай часіны;

Ды таксама скрозь сон

Чуцен быў яе стон:

Ах ты, доля-няволя жанчыны!

 

Ой, настаў ужо час

Пашукаць іншых крас,

Як дагэтуль вы мелі, сястрыцы.

Голас ваш малады,

Адчураўшысь нуды,

Забурліць хай бунтарскай крыніцай!

 

Годзе кіснуць, марнець,

Песні смутныя пець,—

Ладзіць новую час гаспадарку!

Казкі новыя ў свет,

Дум палаючых цвет

Кінь, сялянка, з сястрой-пралетаркай!

 

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан