epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Эй, скажы, мужычок!..

Эй, скажы, мужычок,

Дзе ты долю падзеў?—

Ці ўтапіў ў ручаёк,

Ці прапіў, ці праеў?

 

Ці змарозіў ў мароз?

Ці у лапцях стаптаў?

Ці на рынак завёз,—

На хлеб дзецям прадаў?

 

Ці зарэзаў касой?

Ці сахой заараў?

Ці рыдлёўкай цяжкой

У зямлю закапаў?

 

Ці на жэрдку у плот

Спілавала піла?

Ці загрыз яе пот?

Ці сляза заліла?

 

Мо ў заставу аддаў,

Як падаткі плаціў?

Можа, пан не дадаў,

Як за працу плаціў?

 

Ці адбіў яе град,

Як жытцо адбіваў?

Ці табе яе Бог,

Як радзіўся, не даў?

 

Дык скажы, мужычок,

Дзе ты долю падзеў?—

Ці ўтапіў ў ручаёк,

Ці прапіў, ці праеў?

 

[1905-1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com