epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Эпіграмы

Ён і работнік грамадзянскі,

Мужыцкі пан і служка панскі,

І антыквар, і археолаг,

І бібліёлаг, і філолаг,

І быў бы слаўным ён зусім,

Каб быў чым-колечы адным.

 

*

То беларус, то палячок,

А чым папраўдзе — не згадаць.

Паслухай, гладкі панічок:

Пашто так скурай гандляваць?

 

*

У кавярні водзіць рэй і лад,

Бывач яе заўсёдны, шчыры,

Сатыры піша там на ўсіх,

А сам — смяшнейшы ад сатыры.

 

*

Варшаўскіх брукаў марны франт,

Пусты на словах, хлюст, педант,

На дзеле — невук, дылетант,

А як паэта — ў прэйскурант

Гадзішся толькі, мой ты франт.

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан