epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гарэлка

Атрутай маею

Хто стаў залівацца,

Астаўце надзею

Мець шчасце у хатцы,

 

Мець шчасце, багацце,

Жыць згодна з раднёю,

Спакою зазнаці,

Не плакаць душою.

 

Я з дзеткамі, з жонкай

Дзень кожны паваджу,

Зазнацца з палонкай

Пад’юджу, параджу.

 

Маёй як атрутай

Душу атуманіш,

І мыслі паплутаў,

І светла не глянеш.

 

Ўсе людзі — дружочкі,

Не людзі — анелі!

Адрокся б сарочкі,

Каб толькі хацелі.

 

Такім добрым будзе

Той п’яны без меры,

Хоць будуць жа людзі

Глядзець, як на звера.

 

Хоць будзеш ты горай,

Як звер, выглядаці,

О, звер без пакоры,

Што шоў бы кроў ссаці.

 

На лоб павылазяць

Чырвоныя вочы,

І воблік твой сказяць,

Твар плямы абскочаць.

 

Расхрыстаеш грудзі

Ты, п’яны гуляка,

Язык жа твой будзе

Брахаць, як сабака.

 

О, дзікім, о, страшным

Зраблю без прагляду.

Га! бойся, няшчасны,

Быць пад маёй ўладай.

 

Сягоння шчаслівы,

Як мною зальешся,

А заўтра, о, дзівы!

Піць больш заклянешся.

 

І каяцца будзеш,

Мяне праклінаці,

I сам сябе злудзіш,—

Карчомкі не знаці.

 

Парваць жа не меціў

Маіх, брат, кайданаў,

Прыходзе дзень трэці,

Ты йдзеш ужо п’яны.

 

Атрутай маею

Хто стаў залівацца,

Астаўце надзею

Калі-будзь расстацца.

 

[1905-1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com