epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Гэй, ты, сэрцайка...

Гэй, ты, сэрцайка,

Не тужы, замры!

Душа смутная,

Песень не твары!

 

Бо каму ж, каму

Ў жалю запяю?

Хто паслухае

Песню-жаль маю?

 

Можа б, выслухаў

Мяне ўбогі брат,—

Не да песенек,

Горам хто багат.

 

А шчаслівы хто,

Хто багат ва ўсім,—

Песня жальбная

Не пад мысль такім.

 

Дык каму ж, каму

Гулка запяю?

Хто паслухае

Песню-жаль маю?

 

Перад кім, ой, кім

Расчыню душу?

Стогн бяды, нуды

У думках заглушу?

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан