epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Годзе...

Годзе брахні ўжо, падкупленых зводаў!

Годзе таптання праўд вечных, святых!

Сцежку свабоднаму духу народа,

Сцежку да сонца і зор залатых!

 

З году у год мы жылі, як жывёла,

З году да году чакалі святла...

Што ж нажылі мы, як глянуць наўкола,

Што нам апека тут наша дала?

 

Тыя, ў дагонцы за блескам часовым,

Браццяў запрэглі ў нявольнічы плуг,

Тыя, таргуючы імем Хрыстовым,

Цемру і здраду спладзілі ўвакруг.

 

 

*

Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!

Для беларуса цана ім адна,

Усе вы, панове, аднакай натуры:

З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.

 

Вашу карысць нам і вашы заслугі

Добра ўжо скеміў таптаны народ;

Добра вядомы і путы і пугі,

Песціў якімі ваш Захад і Ўсход.

 

Мы не пакінем свае папялішчы,

З сцежкі — наперад, не пойдзем назад.

Смела здрузгочам старыя бажышчы,

Новым законам збудуем пасад.

 

 

*

Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць

Дзецьмі, багаццем радзімай зямлі!

Нашы загоны даўно ўжо нас клічуць,

Нашы загоны, што зеллем зраслі.

 

Досыць ішлі на чужым павадку мы

Доўгія векі без веры ў сябе;

Мы ўжо не тыя,— інакшыя думы

Выраслі з намі, завуць к барацьбе.

 

Станем к змаганню мы з ведзьмаю-крыўдай

Дружна, адважна, плячо ў плячо:

Рухне старое, хоць крэпкае з віду,

Яснае, вольнае створым жыццё.

 

 

*

Годзе нам есці аб’едкі і косці,

Злыбядзе ўсякай паклоны дарыць!

Гаспадары мы ў сябе, а не госці,

Час к панаванню нам след церабіць!

 

Тое, што ўзята маною дачэсне,

Вечна не будзе душыць, як прыгон;

Наша вярнуцца к нам мусіць канешне,—

Гэткі ўжо быту народаў закон.

 

Гібне памрока душыўша ад векаў,

Сонца і зоры к сабе свет завуць...

Сцежку свабоднай душы чалавека!

К вольным дням вольныя людзі ідуць!

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан