epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Голад

Праз поле, праз хаты і сёлы

Ў кароне з касцей чалавечых

Іду, разбуялы, вясёлы,

З хатомкай мярцвячай на плечах.

Паклоны б’е стар мне і молад

І дзетак рой босых і голых,—

Бо Голад я, Голад!

 

З прадсмертных слязінаў і поту

Брыльянты на мне мігацяцца,—

Абвёў іх з крыві пазалотай...

А з сілай маёю зраўняцца

Не ў сілах ні спека, ні холад;

А шлях мой без рыцьваў і плоту,—

Бо Голад я, Голад!

 

Іду. Прада мной зазірае

Жывым смерць галодная ў вочы

І косе ў рад, не разбірае —

Ў дні белыя, ў чорныя ночы.

Ці слаб хто, ці дужы, як волат,—

Груган яго косці збірае,—

Бо Голад я, Голад!

 

Іду. А за мной следам-лазам

Паўзуць зніштажэнні, руіны.

Я — мору тварэц безупынны,

Я — сейбіт бязмежнай заразы,

Мой скіпетр — лядзянячы молат,

Ім рабству дыктую указы,—

Бо Голад я, Голад!

 

Пад чорным маім уладаннем

Сіроцтва гне корна калені,

І ўдоўства галосіць літаннем

На голым магільным каменні.

Мне гімны складае вякоў лад —

Мне, сытаму людаў кананнем,—

Бо Голад я, Голад!

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан