epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Госці

Ка мне у госці з прывітаннем шчырым

І з песнямі калгаснікі прыйшлі.

Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры,

Настаўніца, даяркі й пастухі.

 

А з падарункамі прыйшлі у госці

Зямлі абноўленай гаспадары:

Пірог пшанічны, кветкі, лёну горсці

На стол паклалі й мёду пляйстары.

 

І селі мы з павагай дзіўнай нейкай

За стол, дзе быў пірог, і лён, і мёд...

За хатай заліваўся салавейка,

Гудзеў над хатай гулкі самалёт.

 

Такога гонару не меў ніколі,

Як я на гэтае зямлі жыву,

Каб так віталі мяне хлебам-соляй

І то не ў сне якім, а наяву.

 

Памалу гутарку мы распачалі,

А шмат аб чым пагутарыць было:

І пра сягонняшнія ў сонцы далі,

І як даўней жыло-было сяло.

 

Пра нашы гаварылі зімы, вёсны,

Пра добры ураджай і працадні...

За вокнамі шумелі згодна сосны,

Начлежнікі разводзілі агні.

 

...Здаём належнае сваёй дзяржаве,

Дарогі ладзім, лес на сплаў вязём.

Жывём заможнікамі ў самай справе,

Як трэслі, не трасём рыззём.

 

— Загаціць,— кажуць далей,— трэба рэчку,

Каб возера было, каб быў і млын,

Каб і ў хлявы каровам і авечкам

Сама вада пайшла ўгару з нізін.

 

І кажуць: — Школа ў нас чатырохлетка,

Дзесяцілеткай трэба каб была,

Каб нашым здольным працавітым дзеткам

Далей вучыцца сцежка пралягла.

 

Ды шмат аб чым яшчэ мы гаманілі,

А больш за ўсё аб дасягненнях тых...

Спрасоння певень недзе хлопнуў крыллем,

На неба ўсходзіў месяц залаты.

 

Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты

Пад музыку пусціліся скакаць...

Дрыжэлі сцены новай звонкай хаты.

Было нам весела, што і казаць!

 

І госці выйшлі. Ціша наступіла.

Тут адна думка ўзбегла мне на яў:

Калгаснікам адвагі не хапіла

Прасіць, каб песню аб калгасе склаў.

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан