epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Грабежнік

Брыдзе, паўзе сліўнём раз’юшаны грабежнік,

Сцякае кроў па каршуновых яго лапах,

Людское цела рве, як вырадак-драпежнік,

Яму шчакоча ноздры-храпы трупны запах.

Пад чорны горкі дым агнішчаў, пажарышчаў,

Пад енкі-стогн канаючых ахвяр нявінных,

Спраўляе дзіка страшны свой банкет-ігрышча

Ён, п’яны ад крыві дзіцячай, мацярынай.

Пасцель сабе і трон свой жудасны хаўтурны

З касцей і чарапоў пастроіў чалавечых,

Хаўтурныя да сну яму іграюць сурмы,

На раніцу склікаюць людарэзаў веча.

Купаецца ў слязах удовіных, сірочых,

Апошнія здзірае з плеч старых кашулі

Распасвены, вясёлы рыцар цёмнай ночы,

Прысяжны вешацель, цар скоцкага разгулля.

Аграбіўшы, пусціў з жабрацкай торбай Польшчу,

Чэхаславакію, як ястраб, раскляваў на часці,

На Францыю грабеж свой зверскі растапоршчыў

І сонечную Грэцыю у цемру запрапасціў.

Нарвежскія крывёй нарвежскай зліў фіёрды,

Як ліпу, Бельгію й Галандыю абчысціў,

Ў ярмо запрог харватаў мірных, сербаў гордых,—

Ўсё для сваёй разбойніцкай грабежніцкай карысці.

Брыдзе, паўзе ў крыві людское па калена

Народамі пракляты, гнусны зарубежнік;

Не шакал ён, не гадзіна і не гіена,—

Ён — Гітлер, фюрэр прускі, трупаед, грабежнік.

 

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан