Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць...
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай жа, музыка, сэрцам рві струны...
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што? Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе...
Шумна, разгульна... Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно...
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды,—
Сыну і ўнуку падаўна дано...
Грай жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа аслепленых кат...
Прэч, прэч, сумленне! Золата ў гулі!..
Чуеш, як звоніць па скрыпцы дукат?..
Светла, прасторна... Ззяюць брыльянты...
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся ў акне?
Вісельнік?! Тут ён?.. Прэч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне...
Грай жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі з зямлі,—
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косці паўсталі і ў танец пайшлі.
Гэй жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..
Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з акон.
Ах! Гэта вёска свеціць пажарам...
Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..
Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?
Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца...
Гэй, ты, другі, там! рві сэрцам струну!..
1912