На нашым хітрым свеце
Ўсяляк жыве народ:
Адзін жыве па-людску,
Другі жыве, як скот.
Адзін другім гандлююць,
Купляюць, як той квас,—
Падноскі падбіваюць
Стаячаму не раз.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось мчыцца пан на парцы,
Упражка зіхаціць!
І конікі абмыты,
І панскі лоб блішчыць.
На цэлы свет з пагардай
Дзікім глядзіць казлом,
А быў жа ён нядаўна
Авечак гандляром.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось хцівец грошы многа
З працэнтаў назбіраў
І фабрыку паставіў —
Людзям заробак даў.
Працуе душ галодных
Там соценькі са дзве,
А ненасытны хцівец
Крывавы пот гняце.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось доктар, пан вяльможны,
Лякар мужчын, кабет,
Вядзе убогіх, хворых
Ў асобны кабінет.
Пукнуў, паслухаў троху
І кажа рубля даць,
А сам, як быў студэнтам,
Шоў бедным памагаць!..
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось ксёндз, служэбнік божы,
Ўвесь навучае люд,
Каб у касцёл хадзілі,
Каб не грашылі тут.
Каб к жонкам на вячоркі
Не бегалі чужым,
Бяднейшым памагалі;
А сам?.. ну, Бог і з ім!
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось аканом пузаты,
На чым ёсць свет, раве,
Хоць клёку за капейку
Не мае ў галаве.
І лае так сусветна
Вясковых ён людзей;
А пасвіў жа нядаўна
У вёсцы той свіней.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось шляхціц, марны шэршань,
Той выскачак адзін,
Душу заціркай муча,—
Ужо ён гаспадзін!
Бяднейшаму ўжо брату
Рукі не падае,
Хоць сам такія ж лапці
На ногі надзяе.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Вось мужычок быў хітры,—
Абралі старшыной;
Як чорт перамяніўся,
І свой яму не свой!
З ураднікам у шайцы
І з пісарам у лад
Ён мужыкоў, як ліпак,
Абдзёрці ва ўсім рад.
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць.
*
Цяпер свае прыпеўкі
Я кіну да пары,
Бо шмат каму, напэўна,
Яны не па нутры.
Бо, як там кажуць: шапка
На злодзеі гарыць
Ці — парасё хто ўкрадзе,
Таму ў вушах пішчыць...
І як тут не смяяцца
І праўды не сказаць:
Варон на свеце многа,
Ды некаму страляць—
12 мая 1906