epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ігнат і п’яўкі

(Байка)

Лет шмат

Таму назад

Ігнат

Гарачынёй, здаецца,

Купаўся ў рэчцы

І, як на грэх

(Бадай, што заяц,

Паганец,

Сцежку перабег),

К адной з дзвюх ног

Прынадзіў п’явак трох.

Прыліплі, цягнуць, як мага,

Аж сохне, корчыцца нага.

Бяда! Ўжо кінуўся і сяк і так,

Заціснуўшы кулак,

Да іхняй скуры небарак,—

Яны ж каб дбалі:

Смокчуць далей!..

«Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,

Ці ж мала вам сваёй вадзіцы?—

І смех, і грэх, і стыд, скажу я,

Смактаці кроў чужую!» —

Так ім навучна ён талкуе,

І ў той жа час

(Не першы п’яўкам, відна, раз)

Пачуў адказ:

«Мае суседкі вінаваты»,—

Кіўнула з іх адна Ігнату,

Як ёсць уся ў бліскучых латах,

І пацягнула цёплы смок,

Аж колька ў крук згібала бок.

«Не мне, а гэным дзвюм крывёй

Жыць хочацца чужой»,—

Пачуў ён ад другой

Таўстой, таўстой,

Ды сёрб, ад першага ямчэй,

Даць мусіў з жыліны сваей.

«Я? я так толькі, з дабраты,

А вось за тых вазьміся ты!»—

З чароду трэцяя хлюснула,

Найболей кемкага агулу,

І смагла, смагла смактанула...

-----

Што далей там было,—

Да байкі не дайшло.

П’яўкі ж (ой, чорт недзе рад!),

Хоць дней сышло — праходзіць шмат,

Жывуць як бы ні ў чым,—

А толькі, як даць раду ім,

Варожа ўсё Ігнат!..

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан