epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Я ад вас далёка...

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,—

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

І няма на свеце так вялікай меры,

І няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —

Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

 

Я ад вас далёка... скажуць гэтак людзі...

Але хто заглянуў у чужыя грудзі

І паняў хто шчыра той агонь і мора,

Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?

Пойме толькі гэта, хто аж да сканання

Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстання;

Каго доля-ведзьма ад самой калыскі

Кідала па свеце, як той ліст вятрыскі.

 

Я ад вас далёка... А дзе ні гляджу я —

Дома толькі думка днюе і начуе;

Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,

Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман.

Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,

Дзе такі там хорам важна збудаваны,—

Што мне замянілі б хату і бярозкі,

Хату і бярозкі беларускай вёскі?..

 

Я ад вас далёка... Дзеліць нас паўсвета,—

А жыву ж я з вамі і зіму, і лета;

Чую з вамі ўвосень непагоды песню,

Цешуся з праталін вольнага прадвесня,

І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе,—

Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;

З выраю ж як толькі сустрачаю гусі,

Весці ў іх пытаю з роднай Беларусі.

 

Я ад вас далёка... Жыву між чужымі,

Чую ж вашы песні,— водклік шлю сваімі;

Дабываю песні ад душы, ад сэрца,

Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.

Не зрабіць нікому гэткай дамавіны

І не вырыць ямы гэтакай глыбіны,

Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,

Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.

 

Я ад вас далёка... Божа ты мой мілы!

Неразлучны з вамі да самой магілы,—

Не пакіну думаць світам і ўпацёмку:

Як там жывіцё вы, як жыве старонка?

А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца,—

Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца

І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,

Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

 

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com