epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

"Я нясу вам дар..."

* * *

Я нясу вам дар

Братніх скіб і сяліб,

Смутных сосен і ліп,

Думак дар, сэрца жар,—

Вольных, звонкіх песень чар.

Гэй! нясу вам дар!

Гэй! гэй! гэй!

 

Хай жа песня ўсюды льецца,

Ў сэрцах вашых адгукнецца,

Ззіханецца, ўскалыхнецца,

Як звон той,

Як свой!

 

А хто брат мне тут і друг,

Ладзь-наладзь душу і слух

І за песняй думкай скоч

Там, дзе Нёман, Дзвіна, Буг

Точаць наша поле, луг,

Дзе шумяць у свет далёкі

Белавежа, Налібокі

Дзень і ноч,

Думкай скоч!

 

Прымі дар, сэрца жар,

Вольных, родных песень чар!

Гаю, гаю, гэй!

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан