epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як я полем іду...

Як я полем іду, гнецца колас ка мне,

З ім маркотнай душой ціха шэпты вяду;

Колас чуе усё ў зачарованым сне,—

Колас гнецца ка мне, як я полем іду.

 

Як я лугам іду, траўка сцелецца ў ног,

Абсыпае з сябе жыўчых росак ваду;

Кветкі жаляцца мне — поўны дзіўных знямог,

Траўка сцелецца ў ног, як я лугам іду.

 

Як я лесам іду, зважна думкі сную,

Аглядаю святую дубоў грамаду;

Там, як дома, сабе з пушчай песні пяю,

Зважна думкі сную, як я лесам іду.

 

Як я ў хатку ўвайду, мяне штосьці гняце;

Бледны сум падыходзіць—прыносіць нуду;

Ў запляснелым кутку цень касцісты цвіце,—

Мяне штосьці гняце, як я ў хатку ўвайду.

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан