epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як тут весела спяваці

Як тут весела спяваці,

Думкай весяліцца,

Калі ў беднай маёй хаце

Сонца жыць баіцца?

 

Калі дзе не йду, гаротны,

Не маю прывету,

Калі мой пагляд маркотны

Не бача прасвету.

 

Чорнай долі суд няправы

Не дае спакою;

Зоры шчасця, зоры славы

Не льсняць нада мною.

 

Не заходзе ка мне ў госці

Мілая пацеха,

Не нямее людскай злосці

Расшальное рэха.

 

Ў паніжэнні, ў паняверцы

Жыцця хвілі трачу,

Толькі плача маё сэрца,

Песня мая плача.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан