epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Як у повесці

Шлях. Каля шляху лес хілкі.

Вёска, дзе лес, і магілкі;

Ў вёсцы — з святліцай хаціна,

Ў хаце — з бабуляй дзяўчына.

 

Там жа паблізку стаяла

Гэткая ж хатка бязмала,—

Хлопец у хаце жыў з дзедам,

Быў той дзяўчыны суседам.

 

Звалі дзяўчыну Маланкай,

Хлопца, чуў, клікалі Янкай;

Зналіся змалку абое,

Зналі і сёе, і тое.

 

Кожны год цёплай вясною,

Ў поле шоў Янка з сахою;

Кужаль Маланка снавала,

Цэўкі сукала і ткала.

 

Ўлетку кляпаў хлопец коску,—

Шоў луг касіці за вёску;

Сена дзяўчына сушыла,

Ніўку жаць потым хадзіла.

 

Жыта ляшыў ён увосень

Або лучыну біў з сосен;

Шла яна бульбу капаці

Ці лён часала у хаце.

 

Сані ён ладзіў зімою,

Ехаў ці йшоў ў лес з пілою;

Часам яна ў лес хадзіла

Ці на таку малаціла.

 

Далей, не так ужо далей:

Янку кудысьці пазвалі,

Там пасадзілі за штосьці,

Не адпусцілі і ў госці.

 

Болей яго я не бачыў;

Чуў, што не вельмі там скача,—

Нешта капае, валоча,

Ждучы ўсё сонейка ўночы.

 

Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!

Збаю калісь аб ёй потым...

Людзі ж казалі, што Янка

Вельмі любіўся з Маланкай.

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан