Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,—
І кіпці запусце ў галубку ён смела,
І выгрызе сэрца, і кроў выссе з цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў,—
Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваёй у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і з ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны
Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косці развеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў так шмат на свеце.
[1906-1912]