epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ёсць жа яшчэ...

Ёсць жа яшчэ ў мяне сіла

Крыўдзе не дацца, змагацца,

Над спячых продкаў магілай

Вольна маланкай мігацца.

 

Ёсць жа яшчэ ў мяне сэрца,

Поўнае шчырых жаданняў,

Якое перш разарвецца,

Чымся любіць перастане.

 

Ёсць жа яшчэ ў мяне песень,

Поўных надзеі, жыцця,—

Як бы ні быў ім свет цесен,

Вырвуцца ў свет з небыцця.

 

Ёсць жа яшчэ ў мяне вера

Ў вольны мой родны народ,

Што — у патрэбе — з сякерай

Выйдзе за волю ў паход!

 

Ёсць жа яшчэ... Ну, а людзі?

Сябры-суседзі тут, там?

Вы — непадкупныя суддзі,

Што ж яшчэ хочацца вам?!

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан