К зорам агністым, к прыволлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыццёвай душу,
Мчыся, не дайся цярпенню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!
К зорам, што так над табой разгараюцца
Льсніста ў мільённай па небе сяўбе,
Рвіся, хай думы прабіць цьму стараюцца:
Там херувімы спаткаюць цябе!
Песні там, духамі зораў ствараныя,
Будуць душу весяліці тваю;
Думна ўзнясешся над нізяй туманнаю.
Рдзеці дасі там прыволля агню.
З зораў, з-пад неба ўсё быцце зямельнае
Проймеш паглядам цікавым наскрозь;
Бачыці будзеш — з жыццём нераздзельныя —
Крыўду, бяспуцце, нянавісць і злосць.
Горна расстаўшыся з буднімі справамі,
Тысячы ўздохаў пачуеш з грудзей;
Вызнаеш брата з рукамі крывавымі,
З сэрцамі гадзінаў поймеш людзей.
Крыкі, пракляцці пачуеш нязнаныя,
Мукі старыя, стагнанні цямніц,
Трупамі ўбачыш паляны засланыя,
Слёзы сірот, удавіц, маладзіц.
Будзеш глядзеці на гэта ўсё дзікае,
К зорам жа мчаціся будзе твой дух;
Будзе на сэрцы спакойнасць вялікая
Ўскросшым з нізін, дзе Зніч праўды затух.
К зорам агністым, к прыволлю нябеснаму,
Вырваўшы з ціны жыццёвай душу,
Мчыся, не дайся цярпенню балеснаму,
Горда пакінь земляную глушу!
[1906-1910]