* * *
Каб я меў загончык нівы,
Каб я меў кусочак,—
З каласоў бы звіў вам, людзі,
Звіў бы я вяночак.
Каб я меў лажок над рэчкай,
Каб меў сенажатку,—
Назбіраў бы вам букет я
З незабудкаў, браткаў.
Каб я меў сваю хаціну,
Каб я меў сялібу,—
Запрасіў бы вас у госці,
На кут пасадзіў бы.
Дый не мне вас так вітаці
Шчыранька, як дзеці,—
Крыў Бог нівы, сенажаткі,
Хата — па ўсім свеце.
Хай хоць гэта мая думка
Ўспамін вам пакіне
Аб гаротным і маркотным
Беларускім сыне.
1910