Панаваў тут Едка
З рання да вячорка,
Сам ён жыў салодка,
А бяднота горка.
Панаваў паганы,
Грабіў, не марудзіў,
Кланяліся ж пану
Гаротныя людзі.
Жыў сабе упырам,
Седзячы ў палацы,
Пух сабе ад жыру
З батрацкае працы.
На гэтых папарах,
Засевах і пашах
Сёння гаспадараць
Калгаснікі нашы:
Букі, Рахінсоны,
Дар’і, Пусташылы,
Рэуты, Алёны,
Кастусі, Данілы.
А во Хадасевіч —
Старшыня калгаса —
Знае, што дзе сеяць,
Не прапусціць часу.
Чалавек ён з гартам,
Ўмее заахвоціць.
Не папусціць жартаў
Ў калгаснай рабоце.
Засяваюць поле
Не так, як калісьці:
Не для панскай долі —
Для сваёй карысці.
Гаспадараць дружна,
Недаспяць часамі;
Час мінуў лапцюжны,
Паны сабе самі.
Ісці будуць годы,
А калгаснік збожны
Жыць будзе заўсёды
Культурна, заможна.
1934