* * *
Калі часам табе сэрца ные, баліць
І захочаш свой боль прад кім выліць ў жальбе,
Дык вось, брат малады, я тут раду падам,
Да каго бы ў той час ды звярнуцца табе...
Сярод поля — ці дзе там — над быстрай ракой
Сабе камень вялікі халодны знайдзі
І гарачай сваёй маладой галавой
З сэрцам змучаным ты да яго прыпадзі.
І усё ты яму шчыра, смела кажы,
Падзяліся усім сваім болем-жудой,
Ўсю балесць свайго сэрца прад ім ты злажы
І пры гэтым скрапі брыльянцістай слязой.
Ад гарачай слязы камень стане цяплець,
Ў лучах сонца адсвецяцца слёзы твае;
Пад іх водбліск ў душы ураз стане святлець,
Уся сумнасць жуды адхлыне ад яе.
І адыдзеш ты з лёгкай, спакойнай душой...
Смела!.. Камень не высмее болю твайго...
А ўспануе нядоля ізноў над табой —
Да наверніка смела вярніся свайго.
Да людзей?.. О, ніколі не йдзі да людзей,
Бо не змогуць яны тваіх слёз зразумець;
Ад халодных каменняў іх сэрцы цвярдзей,—
Ні слязой, ні жальбой іх табе не сагрэць!
[1919]