Калі пачнуць збірацца хмары
І неба ўсцелюць чарнатой,—
Тады ўсплываюць буйны ветры
І віхрам гоняць над зямлёй.
Адвечным борам закалышуць,
Сухі ліст з лесу гоняць проч,
Ніштожаць хмар калматых горы
І ясным днём змяняюць ноч.
Калі прыгнецены няпраўдай
Які знябудзецца народ,—
Тады з’яўляюцца прарокі
І ўсенародны клічуць сход...
Расце на сходзе недавольства,
А дудароў магутны хор
Пяе аб крыўдах і ўсіх кліча
Да новых праўд, да новых зор.
1912