epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Калыханка

Спі, мой маленькі сыночак,

Спі, мая дзетка, засні,

Многа з табою мы ночак

Спаць не заснулі ані.

 

Недзе ў астрозе твой татка,

Ў панскім астрозе гніе...

Ціха, не плач, дзіцянятка,

Вочкі заплюшчы свае.

 

*

Спі, мой сыночак, мой родны,

Будзеш расці ў новы час!

Чуеш, як ветрык свабодны

Шчасцейкам вее на нас.

 

Ведаць не будзеш няволі,

Панскіх кайдан, бізуноў,

Панскай не будзеш ніколі

Служкай, сыночак ты мой.

 

*

Спі, мой сыночак! Лёс горкі

Больш не кране ў барацьбе,

Зоркі, крамлёўскія зоркі,

Будуць свяціці табе.

 

Жудкіх не зведаеш ночак,

Блукаць не будзеш нідзе.

Долю тваю, мой сыночак,

Сталін да сонца ўзвядзе.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан