epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Камсамолу

Гэй ты, моладзь, наша змена,

Камсамольцы, камсамолкі,

Як жа светла, як адменна

Свеціш колерам вясёлкі!

 

Маладой юнацкай славай,

Ці то ўзімку, ці то летам,

Нібы сонца, цуднай з’явай

Прамянееш ты ў сусветах.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Хто наперадзе са сцягам,

На якім красуе Сталін,

Пакарыў сваёй адвагай

Неразгаданыя далі?

 

Хто найшчыршыя парывы

Сваіх думак, свайго сэрца

Аддае савецкім нівам,

Дрогнуць светам з сэрцам рвецца?

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Ці то сушы, ці то моры,

Ці то высі паднябесся,

Усюды стрэнеш непакораў —

Камсамольцаў нашых з песняй.

 

Хай там бура, завіруха,

Хай пурга сапе і плача,

Стуль тваё пачуе вуха

Камсамольскі гарт юначы.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Чыя кірка ў падзямеллі

Першай пласт вугля цярэбіць

І чый трактар першым сцеле

Скібы на калгаснай глебе?

 

Чые звоняць звонка косы

На мурожнай сенажаці?

Хто йдзе першым у пракосах,

Што і ветру не дагнаці?

 

Глыбей, далей, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Глянь, карабль плыве дасужна,

Дыміць комін параходны,—

Камсамольцы сям’ёй дружнай

Рэжуць хвалі ў шляху водным.

 

Ніпачым ім рыфы, скалы,

Ані смерчы, ні бураны,—

З маладым плывуць запалам

Цераз моры-акіяны.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Глянь у неба, ў стратасферу,

Дзе сягнуць не можа й вока,—

Камсамолец неба мерыць,

Сячэ крыллем вал аблокаў.

 

З самалётам днём і ночай

Мігаціцца ў безграніччы,

Днём смяецца сонцу ў вочы,

Ночкай зорнай зоры ліча.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

На фарпостах, на граніцах

Безгранічных нашых зямляў

З карабінам ля стражніцаў

Камсамолец не задрэмле.

 

З ім не жарты, з ім не гулі,-

Сцеражыся, подлы вораг!

Яго метка цэліць куля,—

Змеле злыдзеня на порах.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

*

Я шчаслівы, што я разам

Пяю песні з камсамолам,

Пяем песні складным сказам

Ажно рэхі йдуць наўкола.

 

Родзіць буйна наша поле,

Сады нашы, агароды,

Гудуць гулка з добрай волі

Нашы фабрыкі, заводы.

 

Далей, вышай, у прасторы

Па ўраджай з сяўбы багаты,

Камсамольцы-вярнігоры,

Сталінскія арляняты!

 

[1936]


[1936]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан