epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Канюх (Паданне)

Ёсць, браткі мае вы, у нашым народзе

З даўнейшага часу паданне адно,—

З дзядоў на унукаў ідзе, пераходзе,

І мне гэтаксама дайшлося яно.

 

Навукі паданне, ой, шмат захавала

Для грэшных, труслівых і цёмных людзей,

Ў ім бачым, што шчасця зазнае той мала,

Хто праўды не хоча пазнаці бардзей.

 

Гадоў таму многа, без ліку, без меры,—

За часу, калі сатвараўся наш свет,

Былі ужо створаны людзі, і зверы,

І птушкі-пяюхі усякіх прымет.

 

І людзі ўжо мелі усё, што хацелі:

Даліны, і горы, і поле, і луг;

Лясы ўжо шумелі, дзярны зелянелі,

І пекна, і міла было ўсё ўвакруг.

 

Адной толькі рэчы яшчэ не хапала:

Ні каплі вады на зямлі не было;

Праз гэта было бяды, плачу нямала,—

Усё піць хацела, што толькі жыло.

 

Ўсе сталі збірацца і радзіцца з гора,

Як гэтай пазбыцца вялікай бяды,—

Аж сам Бог, урэшце, усім так гавора:

«Я вас навучу, як дастаці вады.

 

Ваду вы мець будзеце цягам навекі;

Збярыцеся разам, хто жыў на зямлі,

І ямы капайце на студні, на рэкі,

А толькі к рабоце усе каб ішлі!

 

І помніце: кожны, хто з вас астанецца,

Не выйдзе у гэтай супольнай бядзе,—

Піць, піць будзе вечна такому хацецца,

І ён жа не знойдзе вадзіцы нідзе!»

 

Вот рвуцца да працы агромністай людзі,

І зверы, і птушкі, і кожны жучок;

І цяжка працуюць, зрываючы грудзі,

Капаюць, цягаюць жвіровы пясок.

 

Ну! Будзе ім добра: дастануць вадзіцы,

Больш сохнуць не будуць, як сохнуць цяпер;

Вот зробяць азёры і рэкі, крыніцы

І студні, а к студням — і зруб, і асвер!

 

Але хоць так шчыра паслухалі Бога

Усе і за працу узяліся ўсе,

Канюх адзін толькі не робіць нічога,

Ён гульма гуляе, к рабоце не йдзе.

 

Убачыў Бог гэта з высокага неба,

Пазваў канюха і гавора тады:

«Няўжо ж піць ніколі табе не патрэба?

Чаму не працуеш, дастаць каб вады?»

 

«Я піць не хачу!—так канюх кажа Богу.—

А як захачу, дык нап’юся расы».

І тут ён пусціўся назад у дарогу,

Аж енкнуў віхор, зашумелі лясы.

 

А з неба грамлівы ўслед голас раздаўся:

«Навекі ты будзеш жыць толькі расой!

І хоць бы ты млеў і з жыццём расставаўся,—

«Піць, піць!» — будзеш клікаць ты летняй парой!»

 

Вот скончана праца, найшліся крыніцы,

І мора бушуе, і рэчка бяжыць;

Хто колькі захоча, нап’ецца вадзіцы,

Адзін канюх просіць, лятаючы, піць.

 

Жалобна ён просіць так, як бы клянецца,

Як моліцца Богу, каб грэх дараваць,

І толькі часамі расіцы нап’ецца,

А самай жарой мусіць ён усыхаць.

 

Крычыць ён так, як бы людзям для навукі,

Што боская кара ўсіх мусіць спаткаць

Тых, хто, баючыся цярпення і мукі,

Не хоча па праўдзе для ўсіх працаваць.

 

Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай

З вас рук прылажыць не захоча сваіх,—

Такому Бог скажа: «Піць!» цэлы век клікай

І будзь праклінаны ад браццяў сваіх».

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан