epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Кепска...

Кепска, браткі, жыць нам стала!

Няма шчасця, добрай долі;

Калі хлеб ёсць—няма сала,

Хоць гарэлкі дык даволі.

 

Ой, гарэлка, як з крыніцы,

Да нас цягам прыплывае;

І п’е кожны, не журыцца,

Хто які грош толькі мае.

 

П’юць усе, хоць бяда дома,

Хоць льюць слёзы жонка, дзеці,

Хоць хлеб — зёлкі ды салома,

І таго няма у клеці...

 

П’юць, хоць грош крывавым потам

На гарэлку здабываюць;

П’юць, хоць после дзе пад плотам

Сваю долю праклінаюць...

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com