Цягалася Крыўда па свеце,
Ад хаты да хаты блудзіла;
Тым строіла вечныя сеці,
Тых гнала без часу ў магілы.
Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
Ўзвялічвала троны, кароны;
Нявольнікам путы кавала,
Пладзіла сусветныя стогны.
Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа не згрызе вечных путаў,—
Аж бліснуў пажар на усходзе,
І дрогнулі рабскія скруты.
І дрогнула Крыўды ўсяўлада,
Разлёгся скрозь кліч перуновы;
Апалі кароны, пасады,
З нявольнікаў спалі аковы.
І мілай пацехай заззяла
І доля і слава людская,
Дый толькі, знаць, слава і хвала
Недаўгавечнай бывае.
Раскованы раб сябе выдаў —
Не ўзнёсся ўвысь дух чалавечы,—
Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
І ў помач ёй даў свае плечы.
1918