epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Лякарства

(Байка)

Было гэта так, мой сватка:

Ляжала праз Нёман кладка,

Па ёй

З адной

Стараны йшоў Паляк,

А з другой — шоў Ліцвяк.

І вось праз час — не помню ўжо які

Сустрэлісь бедакі.

 

Запаланелісь вочы:

Ні той, ні сёй не хоча

Ні адступаць,

Ні ўніз скакаць.

Абодва ў гвалт і крык,

Як боскі свет вялік,

Нават поўхі ў работу

Пусціць маюць ахвоту.

 

Аж тут, ні стуль, ні ссюль вазьміся

Ды Мураўёва цень з’явіся!

Хоць цень, а ўсё ж крапяч ухваткай:

Чапні ды бухні ў рэчку кладку

І з ёю так —

Абодвух задзірак...

-----

Чытач, ты толькі не пужайся:

Ліцвін і Лях жывым застаўся,

Яшчэ дазналісь, што ў нязгодзе

Вада халодная не шкодзе.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан