epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Летам

Выйду, сяду каля саду

У зацішнай старане

І дзівіцца буду цуду,

Што цуднее ўкруг мяне.

 

Як для света грае лета

Песню спеўную быцця;

Бласлаўленне небам, хлебам

Шле сам Бог, сама зямля.

 

Звоніць поле доляй, воляй,

Звоніць поле ў каласкі;

Ў буйным лузе ззяюць, граюць

Кветкі, мошкі, матылькі.

 

Рэчка ўецца і смяецца

Да зялёных лоз і вольх,

А ў вадзіцы шыбка рыбка

Шмыгаціць на паплаўкох.

 

Лес адвечны бесканечны

Цягне, цягне гоман свой;

Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі

І пяюць, што моцы той.

 

А на небе след цярэбе

Сабе сонца залаты,

Свеціць, грэе долы, горы,

Ў сэрцы шле агонь святы.

 

Так для света грае лета

Песню спеўную быцця...

Чаму ж мне ў ім стала мала

І пацехі, і жыцця?..

 

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан