Як Людкі не бачу,—
Не міла мне жыць:
І сохну, і плачу,
І сон не бяжыць!
І хатка — не міла,
Ўрагамі — дружкі,
І свет — як магіла,
І ночкай — дзянькі!
Як Людку угледзеў,
Забыўся на ўсё! —
І плач уцёк недзе,
І раем — жыццё!
Хоць поўна хмар неба,—
Свет-яснасць адна!
Сам сыты без хлеба,
Вясёлай душа!
Забыты ўсе болькі,
Што ходзяць са мной,—
Усё хочацца толькі
Быць з Людкай-красой...
К ружовенькім шчочкам
Губамі прыльнуць
песню аб Людцы
На ўвесь свет грымнуць!
Грымнуць — прытуліцца
Да белых грудзей,
Упіцца-забыцца
На свет, на людзей!
[1906-1912]