epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Май

Да нас у госці май прыходзіць,

А з новым шчасцем кожны год,—

Заводзіць песні ў карагодзе,

А ў карагодзе сам народ.

 

Жалобай думкі аб мінулым

Замітусяцца ў нас падчас,—

Наскочыць радасць гудам-гулам,

І май наш повен ясных крас.

 

Гармонік рэжа, бубен б’е...

Гэй, грай, музыка, ў родны тон

І аб мінулай барацьбе,

І аб здабытках нашых дзён!

 

*

Да нас у госці май прыходзіць,

Як не прыходзіў у вяках,—

Спявае песні аб свабодзе

На полі, ў моры, ў рудніках.

 

Спявае дзецям калыханкі,

Прыгожыць кветкамі сады,

Вядзе сялянаў і сялянкаў

На шлях шчаслівы, малады.

 

Бурляць крыніцы, бор шуміць,

Рунее зелена загон.

Як не спяваць тут, як не жыць

У казках-былях нашых дзён!..

 

*

Да нас у госці май прыходзіць,

Як той старанны гаспадар,—

Глядзіць, як поле наша родзіць,

Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар.

 

І бачыць, як за год звычайны,

Што адлічыў свае ўжо дні,

Была ў нас праца ураджайнай,

Аб чым наш продак і не сніў.

 

І танк, і трактар, і камбайн

Пасведчаць, што гэта не сон.

З лясоў, капальняў і палян

Дабро йдзе к нам — скарб нашых дзён.

 

*

Да нас у госці май прыходзіць

І аглядае рубяжы,

Дзе пагранічнік наш не зводзіць

Вачэй з варожае мяжы.

 

І вокам бача май празорным:

Жывём спакойна ля граніц,

Спакойна сеем збожжа зёрны,

Спакойна п’ем ваду з крыніц.

 

Зямлі, людзей і родных хат

Нікому не дамо ў палон,

Не апаганіць вораг-кат

Шчаслівых, вольных нашых дзён.

 

*

Да нас прыходзіць май у госці

І бачыць, як той яснавід,—

Стаім скалою на фарпосце,

Заставы нашы, як граніт.

 

Сталёвая пільнуе варта

Спакой савецкае зямлі,

Байцы не дрэмлюць поўны гарту,

На крыллях — нашы патрулі.

 

Хай жа руку на нас, як гад,

Падыме вораг-ліхадзей,—

Не вернецца жывым назад,—

Свабодных не скаваць людзей!

 

*

Да нас прыходзіць май у госці

І ўспамінае ў свята свят

Герояў, што злажылі косці

У бітвах за савецкі лад.

 

Шумяць над імі ясакоры,

Шасцяць чырвоныя сцягі,

Унуку дзед свайму гавора,

Хто у магіле спіць такі.

 

Бы срэбрам выснутую ніць,

Унуку думкі дзед снуе,

Як трэба волю бараніць,

Як уміралі за яе.

 

*

Прыходзіць май дваццаты ў госці,

А з падарункамі ідзе,

Уцеху буйнай сыпе горсцю

Святочна ўбранай грамадзе.

 

Ён Канстытуцыю прыносіць —

Веквечны сталінскі закон —

Для нас, для ўсіх, хто сее, косіць,

Для ўсіх народаў і старон.

 

Лісты дубовы й каласы

Наш родны аздабляюць герб,

На ім нявянутай красы —

І молат, і сталёвы серп.

 

*

Да нас прыходзіць май у госці,

А вые дыверсант, трацкіст,

Рве валасы ў звярынай злосці

Крывёй абрызганы фашыст.

 

Бушуйце, каты! Нам зараза

Не страшна ваша й ваш разбой...

Смяемся з маем нашым разам

І весялімся грамадой.

 

Гармонік рэжа, бубен б’е...

Гэй, грай, музыка, ў родны тон

І аб мінулай барацьбе,

І аб здабытках нашых дзён.

 

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан