epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая доля

Што дасі заўтра, доля змянлівая,

Спадзяюся пацехі я мала;

Адно знаю, што ўсё нешчаслівае

Ты мне толькі дагэтуль давала.

 

Сіратой па чужых кутах кідала

І нудою мне грудзі сушыла;

Не раз так мне была ты абрыдала,

Што ўсміхалася шчасцем магіла.

 

Ты калі мне ў вачах раз’яснялася,

Сэрца білася верай, надзеяй,

Хоць нязванаю знекуль з’яўлялася,

І тады адны слёзы я сеяў.

 

Ты шумела мне песні магільныя,

Як мяцеліца дзікая ў полі;

Ты нясла мне усе непрыхільнае...

Эх, не знаць бы цябе мне ніколі!

 

Мусіць, доля, ты ў цернях радзілася,

А зіма і слата гадавалі,

Ад няволі ты мучыць наўчылася,

А пасля мне багі цябе далі...

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com