epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,

Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;

Абыймецца з небам, пакоціцца ў мора,

У вялікае мора людскога жыцця.

 

І ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесне,—

Як лісцем віхура, так ім скалыхне,

Так ім закалоціць, аж выклікне песню...

Ўжо з песняй ляціць зноў да зор к вышыне.

 

Запеўшы пахвалай нязведанай далі,

К вядомай павернецца долі людской;

Адсвеціцца ў слёзах, як свечка ў крышталі,

Ды ў свет зноў за сонцам, за новай зарой!

 

На небе свабода, святло і прыволле,—

А думцы замала: няма там людзей;

Людзей на зямельцы спаткае даволі,

Дык сонца і воля не свецяць тут ей...

 

І так безупынку, то к небу — дзе зоры,

Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;

То скоціцца ў мора, ў вялікае мора

Людскога, забытага шчасцем жыцця.

 

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан