epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая эпітафія

Тут ляжыць Янук Купала,

Што песні складаў,

Плакаў шмат, смяяўся мала,

Часта галадаў.

 

Быць благім чорт часам плутаў,

Ды не быў ён катам,

Хоць не знаў прыгону путаў,

Мужыка зваў братам.

 

Без зямлі ўвесь век цягаўся

Горш якой скаціны,

Вось нарэшце дачакаўся —

Далі тры аршыны.

 

Надпіс гэты хто прыкмеце,

Хай Бога папросе,

Каб яму хоць на тым свеце

Лепш, як тут, жылося.

 

12 чэрвеня 1906


12.06.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан