epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мая навука

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці,

Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —

Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці

І дум беларускіх без школы і кніг.

 

Ад самай красы маіх дзён невясёлых

Настаўнікам быў беларускі абшар;

Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах

Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

 

Душу акрылялі прыгожасці свету,

Па гонях пад небам лунала яна,

Купалася ў сонцы вясёлкай распетай,

Сама, як вясёлка, як казка-вясна.

 

І п’яная чарамі, п’яная песняй,

Як сон заварожаны райскіх мясцін,

Шаптала мне дзівы цвітучых прадвесняў

І песняй лілася з паходам часін.

 

Бурлівая рэчка і млын гутарлівы

Адмерным, раскоцістым плюскатам вод

Складалі мне рытму мастацкія звівы,

Парадквалі складаў раскоцісты ход.

 

Цяністыя бітага шляху прысады

І ў вырай лятучыя гусяў шнуры

Гармонію ўводзілі ў песельным складу,

Сачылі нязгоднай зваротак ігры.

 

Зялёнае поле рунеючым збожжам,

Цвітучая ў сонечны цвет сенажаць

Мне песню квяцілі узорам прыгожым,

Вучылі, як словы ў вянок завіваць.

 

Ад шопату спелых пшанічных калоссяў,

Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш

Музычнае водгулле ў песню лілося,

Злівалася з жальбамі скрыўджаных душ.

 

Шум бору адвечнага казкавым сказам

Нашэптываў смутную повесць жыцця

І песню ў шум-гоман захопліваў разам,

Заснуўшыя думы будзіў з небыцця.

 

А сонца, скрозь сеючы іскры па свеце,

Мне песню іскрыла нябесным святлом,

А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці,

Даў волю і крылле лунаці арлом.

 

Каса, і сякера, і цэп малацьбітны

Магутную волатаў сілу далі;

Марозы і спекі далі гарт нязбытны —

Мне песню, як звон, як пярун, адлілі.

 

Так іншай не знаўшы навукі і школы,

Ў пацёмках шукаў і знайшоў Божы дар;

Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы,

Цяпер беларускай я песні ўладар.

 

1919


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан