epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Маё цярпенне

Маё цярпенне, мой крывавы боль —

Што значаць перад мукамі мільёнаў,

Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны

А слёзы грызуць вочы ўсім, як соль!

 

Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь,

Як галавой аб мур, там б’е паклоны.

Але як мал мой гэты ўздых шалёны...

Мой крык перад малітвай свету — ноль!

 

І веру я, што я нішто ў быцці —

Іначай думаць не дае сумленне,—

Аднак чаму ж здаецца мне нязменне,

 

Што меж майму цярпенню не знайсці,

Што так вяліка мне яно ў жыцці,

Як міліёнаў разам ўсіх цярпенне!

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан