Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка,
Што гібела сталецці ў бяспуцці, ў пацёмках,—
Гэй, скажы, скуль цяперашня слава твая?
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
....................................
Не з вясёласці яснай, не з ясных палацаў,
А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы,
Вызываная праўдай, таптанай, жывой,
Я ўзышла, расцвіла непагаслай зарой.
Дарма хэўры чужынцаў мяне застаўляюць
Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць
І апекай сваёй зневажаюць мяне,—
З сваім людам не дамся ў сваёй старане.
Ні насмешак, ні постраху ворагаў сільных,
Не пужаюся й песень панурых, магільных,—
Свету цэламу лжывыя вочы пратру,
Што ўладарка я тут, не ўмярла і не ўмру.
Гартавана слязьмі і крывёю народа,
Разаб’юцца цяпер аба мне ўсе нягоды,
І дзе ўпадак быў мой, стане думна сын мой,
Повен волі і славы нязломнай ступой.
Я святла іскры ў думках бяздольных засею,
Аднаўлю сэрцы іхныя гартам, надзеяй,
Пакажу ім жыцця іх праўдзіву зару,
Па развалінах нову ўсябытнасць ствару.
І ад краю да краю ўсё далей і далей
Моц мая разальецца нязможанай хваляй,
Песняры аба мне будуць песні складаць,
Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць.
Грамадзянская згода, супольнасць загосце,
Аж усцешацца прадзедаў цені і косці,
Слоў унука не зглушыць ніякі прымус,
Што ён роднай зямлі верны сын, беларус.
........................................
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка!
Уставай жа, ўставай з паніжэння, з пацёмкаў,
Хай жа будзе нязможана ўлада твая!
Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!
1909