epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Маладая ачуняла

Ах, як сталася ўсё гэта?!

Як бы нейкая камета

Натварыла цудаў-чараў

І схавалася за хмару.

 

Знядужэла маладая,

Нібы смерць яе з’ядае,

Ці то хоча, ці не хоча,

Зазірае ў самы вочы.

 

Яе дружкі і нядружкі,

Як дасужлівыя служкі,

Баюць: верце ці не верце —

Маладая ўжо пры смерці;

 

Што ў яе, мабыць, сухоты

Або іншыя слаботы

Не дадуць дажыці веку,

Колькі трэба чалавеку.

 

Людзі далі ў гэтым веру —

Надта ж верныя не ў меру,—

Паглядзелі бліжай, далей

І галоўмі паківалі.

 

— Што ж рабіць, калі нядужа?

Пахаваем яе, дружа...—

Так кум куму зважна кажа;

А ноч цёмная, як сажа!

 

І ніхто нідзе не згледзеў,

Як тут рупныя суседзі

У ахвоту аж да поту

Узяліся за работу.

 

Той з сякераю, як дужы,

На дамоўку дошкі стружа

І габлюе гэблем гладка...

Ці не рана, мой ты сватка?

 

А другі з стальной рыдлёўкай

Зямлю рэжа на дамоўку,—

Дол капае, дол глыбокі,

Каб пясочак быў нялёгкі,—

 

Каб, як ляжа, легла лепей

Маладая ў гэтым склепе,

Свету больш не турбавала,

Ціха-ціха ў доле спала.

 

А суседкі без аглядкі,

Маладую ўклаўшы спаткі,

Пазабыўшы смехаў, гуляў,

Шыюць ёй на смерць кашулю.

 

Шыюць, шыюць дый заплачуць,

Аж адна адной не бачаць,

Слёзы вытруць, потым сціха

Шэпчуць: «Ах, якое ліха!»

 

А ў святліцы на палацях

Маладая ў белай шаце

Уздыхае, ломіць рукі

Ад вялікай, цяжкай мукі,

 

Што яе адну дзіцятку,

Як сіротку, без даглядку

На няласку, на нядбалле

Ўсе пакінулі без жалю.

 

— Хай кідаюць,— шэпчуць губы,

Хай жадаюць маёй згубы,

Але дзе ж той ненаглядны?

Ці і ён, як усе, здрадны?

 

Няўжо ён яе ніколі

Ўжо не хоча бачыць болей?

А бажыўся з усёй сілы,

Што йшчэ вернецца да мілай,

 

Прынясе здароўе, шчасце

І не дасць ён ёй прапасці,

Потым разам удваёчку

Скінуць з думак, з сэрца ночку.

 

— Ах, вяртайся, мой саколе!

Паратуй мяне ў нядолі,

Ўсцеражы сваю каліну,

Каб не легла ў дамавіну!

 

Так адзін сышоў дзень з свету

І другі мінуў за гэтым,

Маладая ўсё йшчэ жыва,

Аж суседзям неяк дзіва!

 

Ўжо грабар — сусед замежны —

Дол ёй выкапаў належны,

І дамоўка ўжо гатова,

І кашуля... адным словам!

 

А на трэці дзень навіна:

Той прыехаў да дзяўчыны,

Каго так чакала дбала...

.....................................................

Маладая ачуняла.

 

1926




Беларуская Палічка: http://knihi.com