epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мароз

Іду я, сняжысты, ўсясільны,

Па сцежках-пуцінах пустых,

І ночкай, і днём безупынна

Пільную абшараў сваіх.

 

Бязмежна, ўладарна паную

Пад сховаю пушчавых вех,

Каронаю бор мне зялёны,

А тронам-пасадам бел-снег.

 

Палац мой — лес буйны, вяцвісты

Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,

Мне воўк і мядзведзь у паслугах,

Мне служаць вавёрка і лось.

 

Як пухам, сняжком пасыпаю

І хвою, і ёлку, і клён;

Хто ў госці ка мне забярэцца,

Тулю тых, галублю іх сон.

 

І казкі шапчу ім аб шчасці,

І цемру зганяю з вачэй...

Хадзіце, хадзіце к Марозу!

Хадзіце у госці хутчэй!

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан