epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Мікіта і валы

(Байка)

Ці летась, ці залетась, тут ці там —

Штось мне няўцям,

Ляшыў Мікіта

Жыта,

І, як на злосць, яму адну

Валы скрывілі баразну.

Вось ён і стаў (хоць добра йшлі ўсё лета)

Ім выгаварываці гэта:

«Я вас,— так кажа,— як магу

І сцерагу,

Сам недасплю,

А вас кармлю:

Трасяначкай зімою,

Улетку траўкай лугавою,

Штодня вадзіцы

Даю з крыніцы.

А вы што мне? — Бязбожна

Крыўляеце барозны,

Хоць і няможна

Усё такое»...

Валы пад тое:

«Мы б мо і не крыўлялі,

Каб павадоў, ярма і пуг не зналі».

 

1910




Беларуская Палічка: http://knihi.com